СЛО́НІМСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1744—69 у г. Слонім Гродзенскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Захаваліся звесткі пра пастаўленыя ў ім 4 п’есы. Паказы адбываліся пераважна на лац., зрэдку на польскай мовах, звычайна яны суправаджаліся алегарычным пралогам, эпілогам, харамі, інтэрмедыямі. Паказы найчасцей былі прымеркаваны да пастоў, завяршэння навуч. года. некат. свят. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума, у спектаклях удзельнічалі і выкладчыкі, і навучэнцы. Пастаноўкі: масленічная драма «Імгненне няшчаснай вечнасці» Ф.​Навадворскага, дыдактычная драма «Кветка з надпісам імёнаў цароў» (абедзве 1744), «Задумы з галавы Палады» (1749), драма «Аляксей» (1769). прымеркаваная да імянін мецэната т-ра гетмана М.​К.​Агінскага, якая потым была выдадзена асобнай кніжкай на польскай мове.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 142;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

І.​А.​Алексніна.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)